21лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.
Шмат у свеце цудоўных моў. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай.
Наша мова - дар не менш каштоўны за жыццё. Таму, мы павінны рабіць усё неабходнае, каб зберагчы гэты бясцэнны дар.
19 лютага ў раённай дзіцячай бібліятэцы адбыўся паэтычны зарапад “Вы паслухайце, мова якая! Нібы рэчачка ціха журчыць...”, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы. Мерапрыемства праводзілася з мэтай папулярызацыі беларускай мовы, выхавання ў дзяцей і падлеткаў павагі і любові да роднага слова, цікавасці да твораў беларускіх пісьменнікаў.
Удзел у мерапрыемстве прынялі вучні 4-х класаў ДУА “Сярэдняя школа №8 г. Салігорска”. Дзеці паслухалі гутарку аб гісторыі заснавання Дня роднай мовы, колькасці моў у свеце, сучасным становішчы ўжывання некаторых з іх. У час сустрэчы прагучалі творы класікаў і сучасных беларускіх паэтаў: Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка, М.Багдановіча, У.Дубоўкі, П.Броўкі, В.Шведа і інш. Кожны вучань прачытаў невялікі верш, прысвечаны роднай мове, і атрымаў каляровую зорачку, якую прымацаваў да стэнда. Атрымаўся вельмі прыгожы рознакаляровы зарапад. Розум і кемлівасць вучні праявілі, адгадваючы загадкі, складаючы прыказкі і прымаўкі, чытаючы скарагаворкі. Найбольш цікавай атрымалася невялічкая інсцэніроўка песні “Касіў Ясь канюшыну...” у выкананні вучняў 4 “А” класа. У канцы мерапрыемства прагучалі 10 запаведзяў паэта В. Шведа для кожнага беларуса,які імкнецца захаваць сваю культурную спадчыну.