16 мая ў раённую дзіцячую бібліятэку з творчым візітам завіталі Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі, пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду, член Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці і Радміла Аляксандраўна Казлякевіч, вядучы спецыяліст па сувязях з грамадскасцю часопісаў «Вясёлка» і «Буся».
Сяброўства злучае раённую дзіцячую бібліятэку і рэдакцыю часопісаў. Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі 38 гадоў узначальвае часопіс «Вясёлка», а два гады назад стварыў для дашкольнікаў чытанку-маляванку «Буся». І вось жаданая сустрэча адбылася. Маленькія салігорскія чытачы з нецярпеннем чакалі гэтай падзеі. На творчую сустрэчу прыйшлі навучэнцы пачатковых класаў агульнаадукацыйных школ №6 і №8. Яны з цікавасцю слухалі Радмілу Казлякевіч, якая расказала пра часопіс «Вясёлка». Потым слова ўзяў галоўны рэдактар выдання Уладзімір Ліпскі, і дзеці атрымалі сапраўдны ўрок беларускай літаратуры ад таленавітага пісьменніка. Падзяліўся ён сваімі разважаннямі аб прыгажосці беларускай мовы, літаратуры, успамінамі аб сваёй сям’і і творчымі планамі.
Далей Радміла Казлякевіч пазнаёміла ўсіх прысутных з выданнямі, якія выходзяць у межах унікальнай кніжнай серыі «Бібліятэка часопіса «Вясёлка». Дапамагалі ёй лялькі – героі часопіса «Вясёлка»: Вася Вясёлкін, буслік Буся і Грошык. Яны праводзілі з дзецьмі конкурсы і вясёлыя гульні з прызамі.
Творчая сустрэча пераўтварылася ў сапраўднае свята, на якім былі добры настрой, вясёлы смех і карысная размова з таленавітым пісьменнікам і стваральнікам дзіцячага часопіса. І дарослыя, і дзеці атрымалі задавальненне ад сустрэчы.
Пасля мерапрыемства, за кубкам гарбаты, бібліятэкары мелі магчымасць пагутарыць з Уладзімірам Сцяпанавічам Ліпскім, даведацца аб яго творчых планах. Падарункам ад пісьменніка сталі вершы з новай аповесці-споведзі «Мая Белая Русь», якія прагучалі ў выкананні аўтара.