Творчая сустрэча з пісьменнікам Анатолем Зэкавым «Добрыя кнігі – сябры назаўжды»
6 чэрвеня раённая дзіцячая бібліятэка ў межах рэспубліканскай акцыі «Культурны маршрут «Мая Беларусь: сучасныя пicьменнікі - дзецям» пры падтрымцы выдавецтва «Народная асвета» падрыхтавала творчую сустрэчу «Добрыя кнігі – сябры назаўжды» з сучасным беларускім пісьменнікам Анатолем Зэкавым, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, уладальнікам ўзнагарод: Залаты купідон (2007; сатыра і гумар), Літаратурная прэмія імя Васіля Віткі (2009).
На сустрэчу ў дзіцячую бібліятэку завіталі школьнікі ДУА «Сярэдняя школа №4 г. Салігорска» і ДУА «Сярэдняя школа №6 г. Салігорска», якія падчас летніх канікул наведваюць школьныя аздараўленчыя лагеры.
Падчас мерапрыемства Анатоль Зэкаў пазнаёміў хлопчыкаў і дзяўчынак з сваёй творчасцю і правёў прэзентацыю ўласных кніг. Асабліва зацікавіла дзяцей выданне «Колькі дзе чаго: загадкі-задачкі». З дапамогай аўтара атрымалася захапляючае падарожжа ў таямнічы свет вершаў і вясёлых гісторый, якія здараюцца з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, а таксама з іх сябрамі – жывёламі. Вандруючы, юныя наведвальнікі праявілі ўважлівасць і кемлівасць, навучыліся правільна і хутка рашаць матыматычныя і лінгвістычныя задачкі, а таксама выпрабавалі сябе ў адгадванні загадак. Самыя актыўныя атрымалі ад пісьменніка ўзнагароду.
Раённая дзіцячая бібліятэка цесна супрацоўнічае з агульнаадукацыйнымі ўстановамі горада, таму па яе ініцыятыве знакаміты пісьменнік наведаў ДУА «Гімназія №1 г. Салігорска» і сустрэўся з навучэнцамі з школьнага аздараўленчага лагера. Мерапрыемства адбылося цікавым і карысным і для навучэнцаў, і для настаўнікаў.
Усе ўдзельнікі сустрэчы атрымалі не толькі добрыя ўражанні, але і магчымасць, дзякуючы выдавецтву «Народная асвета», набыць цікавыя кнігі аўтара з яго аўтографам і добрымі пажаданнямі.