Сапраўднай жамчужынай драўлянага дойлідства па праве лічыцца Пакроўская царква ў в. Чыжэвічы. Помнік драўлянага дойлідства з рысамі барока. Пабудавана з дрэва на паўднёвай ўскраіне вёскі. У 1895 г. была перабудавана.
Асноўны аб'ём і званіца маюць ярусную кампазіцыю. Да асноўнага аб'ёму далучаны нізкія бакавыя прыбудовы з дадатковымі ўваходамі, да пяціграннай алтарнай часткі - рызніца. Уваходная частка вылучана бабінцам з навессю ў выглядзе трохвугольнага франтона на тонкіх строеных калонах.
Верхнія ярусы званіцы (васьмігранная ў плане) і зальная частка храма завершаны шатрамі і купаламі з галоўкамі. Сцены гарызантальна ашаляваны і прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з сандрыкамі. Зальная частка трохсветлавая. У інтэр'еры столь плоская, акрамя цэнтральнай падкупальнай прасторы, дзе чацвярык другога яруса пераходзіць пры дапамозе ветразяў у васьмярык і перакрыты самкнёным гранёным скляпеннем. Хоры над уваходам падтрымліваюцца двума круглымі слупамі.