Другога верасня па ўсёй краіне прагучалі першыя школьныя званкі. У Хорастаўскай сельскай экалагічнай бібліятэцы адбылося мерапрыемства, прысвечанае першаму школьнаму ўроку. Вучні пятага і шостага класаў ДУА “Хорастаўская сярэдняя школа Салігорскага раёна” разам з класнымі кіраўнікамі адправіліся ў завочнае падарожжа з сімвалічнай назвай “Зямля пад белымі крыламі”. Пачалося падарожжа знаёмствам з вядомымі мясцінамі сталіцы нашай краіны – Мінска. Затым удзельнікі перамясціліся ў Салігорск. Бібліятэкар паказала дзецям відэапрэзентацыю “Гісторыка – культурныя каштоўнасці Салігорскага раёна”, расказала аб гісторыі яго ўзнікнення. Затым вучні складвалі пазл з выявай карты Салігорскага раёна, які ў гэтым годзе адзначае сваё 95-годдзе. Апошнім прыпынкам ў завочным падарожжы стала Хорастаўшчына. Класны кіраўнік шостага класа Н. І. Чаравака расказала дзецям аб гісторыі ўзнікнення іх малой Радзімы – вёскі Хорастава. Вучні пагулялі ў “Краязнаўчае лато”, дзе адгадвалі зашыфраваныя знакамітыя мясціны Хорастаўшчыны. У канцы мерапрыемства бібліятэкар пажадала вучням поспехаў у вучобе, новых перамог і дасягненняў.