Пятница, 15 Июль 2016 08:22

Максім Лужанін

Оцените материал
(4 голосов)

Максім Лужанін (20.10(2.11).1909—13.10.2001, (Аляксандр Амвросьевіч Каратай) нарадзіўся ў вёсцы Прусы Салігорскага раёна Мінскай вобласці). Хата Каратаяў стаяла каля самай дарогі, ля невялікага лужка. Бацька будучага паэта вельмі любіў кнігі. Мабыць, гэта перадалося і малодшаму сыну Алесю (так звалі малога дома). А чытаць хлопчык навучыўся неўзаметку. Было гэта так. Нехта са старэйшых дзяцей напісаў вугалем на печы ўсе літары. Малы хадзіў збоку па тапчане і, паказваючы пальцам на літару, казаў: "Мама, глядзі: "А".
Алесю было чатыры гады, калі ён узяўся за кніжку. I быў гэта раман "Князь Сярэбраны" А. Талстога.
Сямігодку заканчваў у Чырвонай Слабадзе, бо сюды ад Прусаў было бліжэй, чым да Слуцку. Вучыцца было цяжка: кніг не хапала, беларускія мала калі трапляліся. Падручнікі былі толькі ў настаўнікаў. Каб вучні маглі запісаць матэрыял лекцый у свае сшыткі, педагогі выкладалі павольна.
У жніўні 1924 г. М. Лужанін паступіў у Мінскі педагагічны тэхнікум, які закончыў у 1928 г. Адсюль пачаўся і яго шлях у літаратуру "Нашай краіне, - пісаў М. Горкі ў сярэдзіне 20-х гадоў, - патрэбны тысячы пісьменнікаў, і вось яны ідуць. Нязграбна, крыкліва, але смела і з вялікай сілай". Сярод тых, хто прыйшоў у беларускую літаратуру ў 20-я гады, былі К. Крапіва, А. Куляшоў, П. Броўка, П. Глебка, П. Трус, У. Дубоўка, Я. Пушча, А. Звонак і інш. Быў у гэтым спісе і малады М. Лужанін, тады ўжо член літаратурнага аб'яднання "Маладняк" (1923 г.).
Пачаў друкавацца з 1925 г. Першы яго верш пад назваю "Звоніць восень" быў надрукаваны ў сёмым нумары часопіса "Чырвоны сцяг". А 15 лістапада 1925 г. у газеце "Савецкая Беларусь" быў апублікаваны верш "Першая песня". Праз тры гады ўбачыў свет і першы паэтычны зборнік "Крокі", які "хрысцілі" Янка Купала і Цішка Гартны.
У пачынаючага паэта былі вялікія планы і творчыя задумы. Але яны былі неўзабаве парушаны. Ноччу 10 жніўня 1933 года ў дзверы кватэры, дзе ён жыў з жонкаю, настойліва пастукалі супрацоўнікі НКУС. М. Лужанін быў арыштаваны і асуджаны на два гады з высылкаю ў г. Марыінск Кемераўскай вобласці. Пасля арышту мужа жонка цвёрда вырашыла паехаць следам за ім, хоць гэта ёй было забаронена. Ды і грошай на ад'езд таксама не было. Тады яна прадала Акадэміі навук БССР сваю першую бібліятэку і за выручаныя грошы купіла білет у далёкую Сібір. Назад сям'я вярнулася ў 1935 г., а рэабілітаваны М. Лужанін быў у 1956 г.
Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў на выдавецкай рабоце ў Маскве (1935-1941 гг.). У жніўні 1941 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію, а потым накіраваны ў Падольскае пяхотнае вучылішча на кароткатэрміновыя курсы, якія закончыў у 1942 г. Ваеннага ліхалецця на яго долю выпала ажно зашмат. Алесь Каратай удзельнічаў у баях пад Масквой і Сталінградам, дзе пазнаў сапраўднае пекла. Пасля ён актыўна супрацоўнічаў з сатырычнай газетай-плакатам "Раздавім фашысцкую гадзіну", часопісам "Беларусь" і газетай "Савецкая Беларусь". Лепшымі творамі ваеннага часу з'яўляюцца вершы "Пачатак", "Прысяга", "Шынель", "Франтавік", Васілёк", "Разлік" і інш.
Творы ваеннай пары сабраліся потым у асобную кнігу пад назваю "Шырокае поле вайны", якая выйшла ў 1945 г.
У пасляваенны час шырока раскрыўся шматгранны талент М. Лужа¬ніна. Паэзія, проза, публіцыстыка, кінадраматургія, дакументалістыка, сатыра і гумар, мастацкі пераклад, творы для дзяцей - вось тыя жанры літаратуры, у якіх працаваў наш зямляк. Але найперш ён паэт, які пакінуў нам у спадчыну свае цудоўныя зборнікі вершаў: "Неаплачаны рахунак", "Новая ростань", "Аднагалосна", Таласуе вясна за вясну", "Першамайская вуліца", "Поступ", "Святло Радзімы", "Моваю сэрца", "Прасторы", "Жураўлінае неба", "Запрашэнне на возера Нарач", "Пачатак чалавека" і інш.
М. Лужанін з'яўляецца аўтарам сцэнарыяў да мастацкага фільма "Паўлінка" па п'есе Я. Купалы (1952 г.) і дакументальнага фільма "Народны паэт" пра Я. Коласа (1952 г.). Сумесна з Аркадзем Куляшовым напісаў кінасцэнарый да мастацкага фільма “Першыя выпрабаванні”, знятага па матывах рамана Я. Коласа "На ростанях".
Асобная старонка ў біяграфіі нашага земляка - гэта яго знаёмства з Я. Коласам. М. Лужанін шмат гадоў правёў побач з народным песняром. У выніку склалася цікавая біяграфічная кніга "Колас расказвае пра сябе", за якую ў 1965 г. М. Лужанін атрымаў літаратурную прэмію імя Я. Коласа.
Наш знакаміты зямляк часта наведваў сваю малую радзіму - Салігоршчыну. Тут ён чэрпаў не толькі знаёмы з дзяцінства водар палёў, лугоў і кветак, але і новыя тэмы для сваіх твораў. У 1979 годзе, юбілейным для паэта, ён зноў прыехаў на Салігоршчыну. На тэты раз грамадскасць раёна арганізавала ў Палацы гарнякоў урачысты вечар, прысвечаны 70-годдзю М. Лужаніна. Яму было прысвоена званне ганаровага шахцёра і ўручана шахцёрская каска. Савецкі Урад таксама высока ацаніў заслугі паэта перад літаратурай і ўзнагародзіў яго ордэнам Дружбы народаў.

Шмат зрабіў М. Лужанін і ў галіне мастацкага перакладу. Дзякуючы яму па-беларуску загучалі і многія творы. У 2000 годзе М. Лужанін стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі гfзеты "Літаратура і мастацства" за пераклад паэмы С. Ясеніна "Чорны чалавек".
Вядомы беларускі літаратурны крытык, таксама наш зямляк, Рыгор Шкраба пісаў: "Сустрэча з сапраўднай паэзіяй - заўсёды свята для чытача. Нямала такіх свят прынёс М. Лужанін за свой ужо немалы творчы шлях". А працаваў паэт у беларускай літаратуры цэлых 76 гадоў! Апошні сшытак сваіх новых вершаў паэт напісаў і перадаў у газету "Літаратура і мастацтва", калі яму было ўжо 92 гады.


Творы М.Лужаніна:


Лужанін, М. Збор твораў.Т. 1-4. / Максім Лужанін. – Мінск, 1979-1981.

Лужанін, М. Сустрэчы: да 100-годзя Я.Купалы і Я.Класа / Максім Лужанін. – Мінск, 1982.

Лужанін, М. Вярнуся ветрам: лірыка, гумар, сатыра / Максім Лужанін. – Мінск, 1987.

Лужанін, М. Лявоніха. Паэмы і вершы / Максім Лужанін. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1977. –160с.

Лужанін, М. Прага крыла: паэзія / Максім Лужанін. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1974. –304с.

Лужанін, М. Рэпартаж з рубцом на сэрцы / Максім Лужанін. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1972. –208с.

 

Аб жыцці і творчасці М.Лужаніна:

 

Андрыенка, М.А. Жыццёвым сцежкам пісьменніка: да стагоддзя Максіма Лажаніна / М.А. Андрыенка // Шахцёр. – 2009. – 29 кастрычніка. – С. 5.

Арочка, М.М. Споведзь і летапіс // Арочка М.М. Саюз часу і майстэрства. – Мінск, 1981. – С. 210 – 222.

Гніламёдаў, У. Натхненне і майстэрства / Уладзімір Гніламёдаў // Роднае слова. – 1998. - №5. – С. 9 - 20.
Творчасць Максіма Лужаніна.

Куварина, Т. «Всегда же со мною твой образ...»: переписка Максима Лужанина и Евгении Пфляумбаум / Татьяна Куварина // Неман. – 2011. – №6. – С. 158-189.

Лазарук, М.А. “І крыла дужэе ўзмах” // Лазарук М.А. Часу непадуладнае. – Мінск, 1981. – С. 27 – 31.

Лужанін Максім // Беларускія пісьменнікі: біябібліягр. слоўн. – Мінск, 1994. – Т.4. – С. 80 – 83.

Лужанін Максім // Беларускія пісьменнікі (1917 – 1990): давед. – Мінск, 1994. – С. 341 - 342.

Лужанин Максим // Минская область: энциклопедия: В 2 т./ редкол.: Л.Ф. Крупец, Г.П.Пашков и др. – Минск: БелЭН, 2007. – Т.2. – С. 294-295.

Лужанін Максім // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Салігорскага раёна. – Мінск, 2004. – С. 497 – 500.

Лужанин Максим // Республика Беларусь: энциклопедия: В 6 т./ редкол.: Г.П.Пашков и др. – Минск: БелЭН, 2006. –Т. 3. – С.555.

Лужанін Максім // Энцыкл. літ. і мастацтва Беларусі.– Мінск, 1986. – Т. 3. –- С. 298 - 299.

Лужанін, М. Мова гартуе і спеліць нацыянальныя пачуцці / Максім Лужанін; гутарыў М.Скобла // Бярозка. – 1997. – №9. – С. 14 - 15.
Гутарка з беларускім пісьменнікам Максімам Лужаніным.

Максім Лужанін // Новыя кнігі. – 1999. – №6. – С. 5 - 7.

Максім Лужанін // Пicьменнiкi Савецкай Беларусi: кароткi біябiблiяграфiч. даведнiк. – Miнск, 1970. – С. 229.

Мэтр беларускай паэзіі: 95 гадоў з дня нараджэння паэта Максіма Лужаніна // Шахцёр. – 2009. – 2 лістапада. – С. 3.

Паўлаў, У. Неразлучны з вятрамі / У. Паўлаў // Полымя. – 1989. – №11. – С. 182 - 186.
Пра беларускага пісьменніка Максіма Лужаніна.

Рагойша, В.П. Права на верш // Рагойша В.П. І адгукнецца слова ў слове... – Мінск, 1992. – С. 47 – 52.

Сачанка, Б. Дарогамі Максіма Лужаніна / Б.Сачанка // Маладосць. – 1989. - №10. – С. 155 – 164.

Сачанка, Б.І. Дарогамі Максіма Лужаніна // Сачанка Б.І. Сняцца сны аб Беларусі... – Мінск, 1990. – С. 310 – 320.

Таленты Салігоршчыны: Максім Лужанін // Салігорскі веснік. – 1994. – 23 сакавіка. – С. 5.

Шамякіна, М. Максім Лужанін: біяграфія і творчасць / Марыя Шамякіна // Полымя. – 2006. – №11. – С. 151 - 154.

Шырын, Л. Яшчэ багата будзе вершаў: М.Лужаніну – 75 гадоў / Леанід Шырын // Шахцёр. – 1984. – 2 лістапада.

Прочитано 7994 раз Последнее изменение Среда, 31 Январь 2018 09:41
Другие материалы в этой категории: « Аляксей Кулакоўскі Людміла Кліменя »
223710, ул. Коржа,4
г. Солигорск, Минская область,  Республика Беларусь
тел.: (80174) 231642, 231371
факс: (80174) 234165, 231490
E-mail: sol_bib_adm@tut.by, sol_obm@tut.by