7 цікавых фактаў з жыцця Кузьмы Чорнага

Ці ведаеце вы, што Кузьма Чорны разыгрываў перад навакольнымі свае раманы, як тэатральны акцёр, што прыводзіла да кур’ёзаў? Прапануем 7 цікавых фактаў з жыцця пісьменніка.
№1
Бацька пісьменніка — Карл Раманоўскі, служыў за парабка ў Эдварда Вайніловіча.
«За паўкіламетра ад маёнтка Боркі, — піша пра сваё дзяцінства Кузьма Чорны, — стаяла хата і панскае гумно. Гэта называлася «фальварак Лапацічы». Там жыў мой бацька, ён даглядаў панскіх кароў узімку, а ўлетку [...] бацька станавіўся [...] аратым на полі. У гэтых Лапацічах [...] і прайшлі мае шэсць гадоў жыцця».
Іх сусед, які жыў у адной хаце, толькі праз сенцы, таксама парабак, сілезец Леапольд Ешка, стаў прататыпам Леапольда Гушкі ў рамане Кузьмы Чорнага «Бацькаўшчына». А сам Эдвард Вайніловіч мусіў стаць прататыпам зямельнага магната Залеўскага (раман застаўся ў нататках).


№2
Неяк у дзяцінстве будучы пісьменнік уначы разам з бацькам рабіў труну.
Аднойчы, калі ўсе паснулі, у іх хату пастукаўся сусед. Усе прачнуліся. «Прыйшоў я, браце, прасіць, каб маёй жонцы хату зрабіў — не хоча са мной жыць, аддзялілася», — звярнуўся па дапамогу сусед.
«Усе ўжо ведалі, пра якую хату ідзе гаворка, — апавядаў Кузьма Чорны Васілю Вітку. — Бацька сабраўся, узяў сякеру, гэбель і мяне ў памагатыя. Стаміўшыся, мы вышлі, помню, на прыгуменак. Стаім. Бацька маўчаў увесь час, але, відаць, у яго душы рабілася нешта такое, чаго ён ужо не мог стрымаць: «Якая ноч, зоры якія, а мы труну робім...»
Гэтая гісторыя з начною труной увайшла ў апавяданне «Хвоі гавораць».


№3
Кузьма Чорны прыдумаў незвычайную казку пра вязня, каваля і музыку — дый любіў яе расказваць іншым пісьменнікам.
У цямніцы сядзеў закуты ў ланцугі вязень. Прыйшоў да яго музыка: «Паслухай мяне — і ты набудзеш сілы ланцугі разарваць!» Граў, граў музыка, але нічога з гэтага не выйшла. Тады прыйшоў каваль. Ён не гаварыў ані слова, не граў і не спяваў, толькі паглядзеў уважліва, падпілаваў там-сям жалеза, стукнуў молатам — і чалавек стаўся вольным.


№4
Калі Кузьма Чорны быў рэдактарам, то здзіўляў моладзь акрабатычным трукам, які ніхто не мог паўтарыць.
Выходзячы пасля работы з будынку, пісьменнік вешаў загнуты кіёк на балясіну сходаў. Кіёк, грукочучы акутым канцом па прыступках, ляцеў ўніз, а Чорны заўжды паспяваў падхапіць яго ў апошнім пралёце. Нават маладзейшыя за Чорнага Максім Лужанін і Паўлюк Трус былі няздольныя на такі спрыт.
«Цельпухі, бегаць не можаце!» — казаў ім Чорны. «Гімнастыку раблю», — патлумачыў ён неяк гэтую сцэнку аднаму госцю-медыку, якога хуліганскі кій напалохаў.
Але ў сталінскай турме, куды Чорны трапіў увосень 1938 года, здароўе яго было падарванае. Чэкісты саджалі пісьменніка «на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі збітае месца халоднай вадой, падымалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вушы папяровыя трубы і раўлі ў іх на ўсё горла, уганялі ў камеру з пацукамі».
Гэтыя кашмары пісьменнік занатаваў у сваім дзённіку.


№5
Чорны быў вельмі праніклівым псіхолагам, што выглядала на тэлепатыю.
Пісьменнік Усевалад Краўчанка прыгадвае: «Памятаю, Мікалай Карлавіч незвычайна ўразіў мяне, даўшы тут жа наглядны ўрок, як сапраўдны мастак-псіхолаг павінен умець «чытаць» чалавека. Ён раптам спыніўся, павярнуўся да мяне і сказаў:
– А хочаце, я скажу вам, што вы зараз думаеце?..
І амаль дакладна раскрыў мой тагачасны душэўны стан, як быццам прачытаў усе думкі маладога збянтэжанага студэнта, якому ўпершыню трапілася сустрэцца з вядомым пісьменнікам».


№6
Чорны мог усё жыццё пісаць пра людзей, якіх добра ведае. Каб адкрыць цэлы свет, яму хапіла б і землякоў з Цімкавіч. Кузьма Чорны казаў, што мог бы напісаць аповесць пра кожнага цімкаўскага селяніна.
Максім Лужанін здзіўляўся здольнасці Чорнага усё прыкмячаць.
На сходах, пры гаворках, у шумных бяседах вочы пісьменніка «паблісквалі і няўтомна ўбіралі ў сябе позы і рухі суразмоўнікаў, іх вопратку, прыход новых асоб, узоры на сценах, лямпачкі пад столлю, мокрыя галіны за акном. І сапраўды, назаўтра пры сустрэчы Чорны расказваў пра ўчарашняе так, як быццам цябе там і не было. І ты са здзіўленнем адзначаў, што не зважаючы на тваю прысутнасць у тым ці іншым месцы, ты адсутнічаў там, бо толькі прымаў удзел. А ён рупліва назіраў».


№7
Кузьма Чорны «апранаў» на сябе ролі сваіх герояў — і гаварыў ад іх імя з сябрамі і незнаёмымі, шліфуючы такім чынам рэплікі і ацэньваючы рэакцыю. Пісьменнік станавіўся Міхалам Тварыцкім з «Трэцяга пакалення», краўцом, які маракуе, што выгодней яму пашыць — ці кім заўгодна яшчэ.
Аднойчы, калі Кузьма Чорны задумаў аповесць пра будаўнікоў, то папрасіў свайго сябра Міколу Хведаровіча прадставіць яго кладаўшчыком, «Іванам Ферапонтавічам, чалавекам справы». У Хведаровіча ў гасцях была акурат суседка, жонка прараба будаўніцтва Акадэміі навук.
Завязалася жвавая гутарка пра тое, як і што можна дастаць у горадзе з тавараў, пра поўныя склады Івана Ферапонтавіча, пра яго знаёмствы і хітрыкі.

223710, ул. Коржа,4
г. Солигорск, Минская область,  Республика Беларусь
тел.: (80174) 231642, 231371
факс: (80174) 234165, 231490
E-mail: sol_bib_adm@tut.by, sol_obm@tut.by