Кандрат Крапіва

Krapiva5 сакавіка 2021 года народнаму пісьменніку Беларусі Кандрату Крапіве споўнілася б  125 год.


- Кандрат Крапіва... Гэта імя прыйшло ў літаратуру праз досціп смеху, які цэлай ракой хлынуў, з баек, сатырычных вершаў, што ўбачылі свет у пачатку 20-х гадоў.
Хто сустрэўся быў са мною,
Дакрануўся раз ці два,
Дык той ведае ўжо, хто я:
Я – пякучка – крапіва.
- Байкі і сатырычныя творы К.Крапівы атрымалі ў літаратуры сталую “прапіску”, сталі творамі хрэстаматыйнымі, па якіх вучыцца глядзець на жыццё ўжо каторае пакаленне школьнікаў.
- Многія крылатыя выразы, створаныя К.Крапівой, набылі сапраўды народнае пашырэнне:
- “Як свінню ні кліч, яе заўсёды выдасць лыч”,
- “Другі баран ні “бэ”, ні “мя”, а любіць гучнае імя”,
- “Каб сонца засланіць – вушэй асліных мала”,
- “Вось парадкі завяліся: дзе ні сунься, так і знай – усюды ў лапу дай ды дай”,
- “Мне часта крыкуны мільгаюць у вачах – да славы прагныя, ды вузкія ў плячах”,
- “Праўду кажуць людзі: як папаўзеш ты за Жуком, дык апынешся ў брудзе”.

Даўно забыліся канкрэтныя падзеі, паводле якіх узнік той ці іншы верш, байка, а творы жывуць, не гасне сіла іх эмацыянальнага, мастацкага ўздзеяння на чытача.
Не праходзь міма такіх твораў! Запоўні прабелы! Атрымаеш задавальненне!

 

Іван Шамякін

shamakin

30 студзеня 2021 года народнаму пісьменніку Беларусі Івану Шамякіну споўнілася б 100 гадоў.

Аўтара пенталогіі «Трывожнае шчасце», раманаў «Сэрца на далоні», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль», аповесці «Гандлярка і паэт»  чыталі мільёны чытачоў.

Мы вырашылі ўспомніць некалькі яркіх і нечаканых фактаў з біяграфіі творцы.

Першае каханне надзвычай рэдка перарастае ў сур’ёзныя пачуцці, а тым больш у шлюб. Але Шамякін пазнаёміўся з будучай жонкай, калі вучыўся ў пятым класе. Там ён упершыню ўбачыў Машу Кротаву, “маленькую, рыжанькую, з вялікімі блакітнымі вачыма, вельмі жывымі і выразнымі”. Закахаўся ў яе пасля аднаго эпізоду. Хлопец адрасціў доўгія валасы. Дырэктар некалькі разоў папярэдзіў яго, а потым прымусова пастрыг перад усім класам. Усе здзекаваліся (некаторыя нават каментавалі, што іх сябра “стрыгуць, як барана”), спачувала толькі Маша.
Але праз тры месяцы сям’я Шамякіных пераехала. Наступны раз юнакі сустрэліся ў Гомелі, куды паехалі вучыцца пасля заканчэння сямігодкі. Іван Пятровіч паступіў у тэхнікум будаўнічых матэрыялаў, Марыя Кротава – у медыцынскі тэхнікум. Праз два гады, убачыўшыся ў кінатэатры, яны пачалі сустракацца, а ў 1940-м, перад прызывам Шамякіна ў армію, узялі шлюб.

Цяжка паверыць, але Шамякін пачынаў свой шлях у літаратуру з вершаў. Праўда, па ўспамінах самаго аўтара, іх добра крытыкавалі на пасяджэннях гомельскага літаратурнага аб’яднання. Закахаўшыся ў сваю будучую жонку, Шамякін упершыню ў жыцці наважыўся напісаць прозу.

У 1948 годзе Шамякін з сям’ёй перабраўся ў Мінск. Спачатку ён здымаў кватэру на Лагойскім тракце. Побач на такіх жа правах жылі пісьменнікі Аляксей Кулакоўскі, Пётр Васілеўскі і Андрэй Макаёнак. З імі Шамякін сябраваў усё жыццё, але найбольш блізкія стасункі яго звязвалі з драматургам Макаёнкам. “Адзін без аднаго дня не маглі пражыць, – згадваў Шамякін. – Паміж нашымі дачамі ў Ждановічах – кіламетры са два. Здаралася, доўгім летнім вечарам усё перагаворым, абмяркуем, але ўсё роўна паўночы праводзім адзін аднаго, як закаханыя: спачатку ён мяне, потым я – яго”.

Шамякіна прынята лічыць шчасліўчыкам. Сапраўды, рэдка хто з пісьменнікаў атрымліваў такое прызнанне. Герой Сацыялістычнай Працы, народны пісьменнік, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР. Яго кнігі ў савецкія часы выходзілі вялікімі накладамі і мелі поспех сярод чытачоў. Але шмат што засталося па-за кадрам. Напрыклад, той жа раман “Петраград–Брэст” доўга не друкавалі.

Пералік пасад, якія займаў Іван Шамякін, уражвае. Адзін з кіраўнікоў Саюза пісьменнікаў, галоўны рэдактар выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя”, старшыня Вярхоўнага Савета БССР. Але на ўсіх гэтых пасадах Шамякін дапамагаў сваім калегам па працы. “Я любіў выбіваць, у прыватнасці, кватэры, не саромеўся дабірацца да самага верху, да таго ж Ціхана Кісялёва, старшыні Саўміна, і нават да Машэрава”, – прызнаваўся Шамякін.


 Мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю І.Шамякіна:

1. Да 100-годдзя класіка беларускай літаратуры І. Шамякіна

2. Анлайн – сустрэча “ІВАН ШАМЯКІН. ЛЕТАПІСЕЦ ЭПОХІ”

3. Мерапрыемства «Сэрца на далоні часу»

4. Выстава "Iван Шамякін: лёс і кнігі"

5. Мерапрыемства "Талент, дадзены Богам"

6. Мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею Івана Шамякіна

7. Обзор творчества "Бачыць і чуць чалавека"

8. Видеообзор "Читай-город: читаем Шамякина"

Іван Мележ

Іван Мележ 821x10248 лютага 2021 года народнаму пісьменніку Беларусі Івану Мележу споўнілася б 100 гадоў.

Цікавыя факты з жыцця Івана Мележа


ФАКТ 1. БЫЎ ВЕЛЬМІ САРАМЛІВЫМ
У асяроддзі пісьменнікаў Іван Мележ лічыўся ідэальным суразмоўцам, таму што ён ўмеў слухаць. Мележ ніколі не перапыняў суразмоўцу нават тады, калі быў нязгодны. Таму ўсе, хто хоць раз сустракаўся на жыццёвым шляху Мележа, бязмерна даражылі яго словам.
ФАКТ 2. ПЕРШЫ ТВОР НАПІСАЎ ЛЕВАЙ РУКОЙ
Упершыню пісаць творы Іван Мележ пачаў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Першае ў сваім жыцці апавяданне пісьменнік быў вымушаны пісаць левай рукой, таму што знаходзіўся ў гэты час у шпіталі, у Тбілісі, дзе лячыўся ад ран. Апавяданне мае назву «Сустрэча» і публікавалася з паметкай «Каўказ, шпіталь, 1942 год».
ФАКТ 3. «ПАЛЕСКАЯ ХРОНІКА» БЫЛА ЗАДУМАНА ЯК ПЕНТАЛОГІЯ
Усе ведаюць знакаміты твор Івана Мележа «Людзі на балоце», што з’яўляецца першай часткай трылогіі «Палеская хроніка». Але мала хто чытаў 2 і 3 часткі гэтага рамана — «Подых навальніцы» і «Завеі. Снежань». А між тым аўтар задумваў раман не ў 3, а ў 5 частках. Але Іван Мележ памёр, не паспеўшы ажыццявіць задуманае. Дзве ненапісаныя часткі пенталогіі нават мелі назвы — «За асакою бераг» і «Праўда вясны». І проста дзіўна, што ніхто з сучасных беларускіх пісьменнікаў не хоча пафантазіраваць на гэту тэму. Зрэшты, маёмасныя правы на спадчыну Мележа заканчваюцца толькі ў 2026 годзе. А там можа хто і напіша працяг.
ФАКТ 4. ГАЛОЎНЫ КАНСУЛЬТАНТ МЕЛЕЖА – ЯГО БАЦЬКА
«Палеская хроніка» пісалася на працягу многіх год. За гэты час праз Палессе прайшло многа гістарычных падзей (стварэнне Савецкай дзяржавы, Вялікая Айчынная вайна і г.д.), а Іван Паўлавіч хацеў захаваць у рамане асаблівасці сялянскага быту пачатку ХХ стг. Асноўнай гістарычнай крыніцай для пісьменніка сталі яго лісты да бацькі. У кожным з іх Іван задаваў пытанні адносна побыту, абрадаў і жыцця палешукоў. Бацька ў падрабязнасцях інфармаваў сына аб мясцовых назвах, стравах, святах, як адбываліся сельскагаспадарчыя працы, тлумачыў тэхналогію і многае іншае. Як бачым, у пісьменніка быў вельмі адказны, шчыры і вопытны кансультант. Бацька з вялікім захапленнем гэта рабіў для сына.
ФАКТ 5. ШЫЎ САБЕ АБУТАК І ЗМАЙСТРАВАЎ РОВАР.

Фраза «Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім» лічыцца штампам. Але да Мележа яна падыходзіць ідэальна. Як згадваў яго аднакласнік Пятро Чарняк, у дзяцінстве Іван хадзіў у школу ў пасталах, якія сам зрабіў з лазы (пасталы – мяккі сялянскі абутак, часта зроблены з цэлага кавалка скуры, які носіцца з анучамі і прывязваецца да ног аборамі). Тады як астатнім вучням да чацвёртага класа пасталы плялі бацькі. Але сапраўдную славу сярод аднагодак Мележу прынесла стварэнне драўлянага ровара. Колы былі зроблены з двух арэхавых абручоў, але са спіцамі і рамай.
ФАКТ 6. «ПАЙШЛА, НІКОЛІ ЎЖО НЕ ВЕРНЕШСЯ, АЛЕСЯ»
У жыцці Мележа былі дзве гісторыі кахання. Яго першую дзяўчыну звалі Алеся. Яна нарадзілася ў той жа вёсцы Глінішчы, што і будучы пісьменнік. Юнакі пасябравалі падчас вучобы ў Алексіцкай сямігодцы. Далей Іван працягнуў вучобу ў дзесяцігодцы, што знаходзілася ў Хойніках, а Алеся паступіла ў педагагічны тэхнікум, скончыла яго і працавала настаўніцай. Каханых разлучыла вайна. Дзяўчына засталася на акупаванай тэрыторыі, а Мележ знаходзіўся на фронце. У 1942 годзе ён быў паранены і пасля лячэння ў тбіліскім шпіталі адпраўлены ў тыл. У горадзе Бугуруслан, што ў Арэнбургскай вобласці, ён пазнаёміўся з Лідзіяй Пятровай, маладзейшай за Івана Паўлавіча на два гады. У красавіку 1943-га яны, не сказаўшы нікому ні слова, пайшлі ў загс і распісаліся. Як згадвала пазней жонка пісьменніка, яны палічылі, што шлюб – іх асабістая справа і шумнага вяселля ім не трэба. Лідзія Пятрова-Мележ стала першым чытачом усіх твораў мужа.
ФАКТ 7. ПАЭТ «ІВАН МЕЛЕШ»
Напэўна, гэта быў лёс большасці беларускіх пісьменнікаў: спачатку пісаць вершы, а ўжо потым пераходзіць да прозы. Да вайны ў Мележа з’явілася некалькі паэтычных публікацый. Праўда, адна з іх была падпісана «Мелеш». Калі паэт Мікола Аўрамчык спытаў, адкуль з’явіўся такі дзіўны псеўданім, Іван Паўлавіч, усміхнуўшыся, адказаў: «Трэба разборліва пісаць сваё прозвішча пад творам». Праўда, захапленне паэзіяй было непрацяглым. У 1938 годзе Мележ прыехаў у Мінск на курсы-канферэнцыю маладых творцаў. І прывёз на абмеркаванне толькі адзін верш «На сенажаці», які быў бязлітасна раскрытыкаваны. Як згадваў пісьменнік Мікола Гарулёў, некалькі дзён з Мележа было «не выцягнуць слова». Падчас вайны пісьменнік пачаў пісаць апавяданні (адно з іх высока ацаніў Кузьма Чорны). Таму вярнуўшыся ў вызвалены Мінск, Іван Паўлавіч сказаў таму ж Гарулёву, што паэзія – эпізод у яго жыцці, які не паўтарыцца.
ФАКТ 8. «ТУТ СВЯТЛО ПАВІННА БЫЦЬ, А НЕ ТУМАНЫ...»
Доўгі час Іван Мележ не мог вызначыцца з назвай будучага рамана, які потым стаў называцца «Людзі на балоце». Калі ён прынёс рукапіс у часопіс «Полымя», дык на асобным лісце мелася ажно пятнаццаць варыянтаў загалоўка. Пісьменніка найбольш прываблівалі дзве назвы: «Людзі на балоце» і «Туманы над багнай». Урэшце, перад тым як здаць нумар у набор, раман назвалі «Туманы над багнай». Але, як згадваў пісьменнік Барыс Сачанка, у апошні момант з адпачынку вярнуўся супрацоўнік рэдакцыі Алесь Рылько. Яго адразу прызначылі дзяжурыць па нумары. Прачытаўшы карэктуру, Рылько засумняваўся: «Даволі змрочна ўсё гэта. А назва «Туманы над багнай» яшчэ больш прыгнятае. Першыя гады савецкай улады, тут святло павінна быць, а не туманы...». Мележ згадзіўся, дадаўшы, што назва «Людзі на балоце» яму больш па душы. «Хай ідзе ў часопісе. Калі што – потым, можа, памяняю, як буду выдаваць асобнай кніжкай...».
ФАКТ 9. «ЛЮДЗІ НА БАЛОЦЕ» ЛЕДЗЬ НЕ ЗГАРЭЛІ
Як згадваў пісьменнік Васіль Вітка, аднойчы ў пісьменніцкім доме на Карла Маркса, 36, дзе жылі Вітка і Мележ, здарыўся пажар. Дачка Івана Паўлавіча ўзялася адпрасаваць сабе кофтачку, але пасля заканчэння работы забылася выключыць прас з разеткі. Дома тады нікога не было. Праз нейкі час пачуўся пах гарэлага, потым паказаўся дым. Першымі небяспеку заўважылі прахожыя. «Прымчаліся пажарныя, – расказваў Вітка. – Заліўшы полымя, якое ўжо рвалася з акна, па лесвіцы падняліся на балкон у кватэру. Распалены да чырвані прас ляжаў на падлозе. Стол зеўраў выгаралай дзіркай пасярэдзіне. Настольнік згарэў, тлеў разасланы пад нагамі кілім, займалася канапа...». Тым часам Мележ, які нічога не ведаў пра пажар, у добрым настроі вяртаўся дадому. На двары ён убачыў натоўп людзей. Яму паведамілі, што пажар быў у яго кватэры. Мележ збялеў. А праз некаторы час ужо свяціўся ад шчасця. Што ж здарылася? У кабінеце на пісьмовым стале ляжаў скончаны раман «Людзі на балоце». Калі б пажар дайшоў да гэтага пакоя, рукапіс не ацалеў бы. І працу давялося б пачынаць спачатку.


 Мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю І.Мележа

1. Выстава «Шамякін і Мележ: дзве эпохі, два жыцця, два погляды»

2. Книжная выставка «Таленты непадуладныя часу»

3. Літаратурны час «Яго багацце ўсё ў слове»

4. Мерапремства “Таленты, непадуладныя часу”

5. Видеообзор "Читай город. Иван Мележ"

Цікавыя факты пра Уладзіміра Караткевіча

image001Яго, адкрывальніка ў нашай літаратуры гістарычна-дэтэктыўнага жанру, неверагодна цікава чытаць. Пра гэта Уладзімір Сымонавіч выдатна ведаў і сам; ён любіў казаць: «...Пісаць трэба так, каб вашы кнігі з бібліятэк кралі. Мае крадуць», — дадаваў ён праз паўзу. Сёння герой 20 незвычайных фактаў — Уладзімір Караткевіч.

 

 

Яго любімы раман — «Тры мушкецёры»
Перад тым як садзіцца пісаць чарговую рэч, Уладзімір Караткевіч перачытваў гэты твор Дзюма, які заўсёды быў на часопісным століку каля ягонага ложка.

image004

Калядная паштоўка, намаляваная Уладзімірам Караткевічам для Валянціны Шчадрыной. Снежань, 1977 г.


Як і Хэмінгуэй, любіў лавіць акул
Калі адпачываў на моры (Кактэбэль, Гагры, Прыбалтыка), то абавязкова выходзіў з рыбакамі лавіць рыбу. У Кактэбэлі спаймаў акулу, чым вельмі ганарыўся.

 image006

Уладзімір Караткевіч са злоўленай ім акулай. Крым, 1971 г.


Любіў падоўгу плаваць, з-за чаго сварыўся з Рыгорам Барадуліным

У дзённікавым запісе ад 8 жніўня 1965 году знаходзім: «...Сёння хадзілі на мора. Плаваў гадзіны тры, абсыхаў і зноў плаваў, скакаў з вышкі, заплываў за другую лінію бакенаў. Дзіва! Кожны дзень буду хадзіць. А пасля — дзве гадзіны мінула — удрызг пасварыўся з Грышкам [Рыгорам Барадуліным. — В. Дэ Эм]. Крычаў, што адзін бы я так далёка не паплыў (вядома, не паплыў бы, баяўся б за вопратку, а так вартаўнікі ёсьць), што гэта — пыл у вочы, што гэта дзяціннасць. Якая ж гэта дзяціннасць, калі гэта мне натуральна, калі я люблю гэта. Словам, папрасіў не ўказваць, бо я досыць для гэтага дарослы і ўжо дзесяць год жыву так, як хачу я, не патрабуючы ніякіх парад...»

image008

1. Уладзімір Караткевіч. 1982 г. • 2. Уладзімір Караткевіч у Троках. 22 сакавіка 1982 г.


Ніколі не сябраваў дзеля нейкай выгады і ганарыўся тым, што мае экзатычныя знаёмствы


У лісце, адрасаваным Валянціне Шчадрыной (20 студзеня 1972 г.) чытаем: «Среди моих друзей ксендзы из Вишнева и Пинска, рыбаки из Коктебеля, зьмеелов из Москвы, создатель новой философской системы — мужик из-под Любчи, да мало ли ещё кто. И чтобы я стал тратить дорогое время не на них, из дружбы с которыми я не извлекаю никакой выгоды, кроме дружбы и жизни, а на определение, „кто есть кто“, „кто с кем“, „кто за кого“, наконец „кто кого“ — я проклял бы самого себя.

image010

Уладзімір Караткевіч, яго жонка Валянціна Браніславаўна і яго перакладчыца Валянціна Шчадрына. Другая палова 70-х гг.


Я знаю единственное „кто кого“. У плохой литературы всегда будет битая морда, рано или поздно и как бы её ни превозносили сегодня или даже завтра. И только в этом смысле я не хочу быть среди битых [падкрэсьлена Караткевічам. — В. Дэ Эм], о чём по крайней мере сил своих и стараюсь. И потому каждый, кто хочет того же, мне друг».


Яго маці Надзея Грынкевіч — асоба шляхетная — выдатна ведала французскую мову і дапамагала сыну ў ягонай працы


Так, напрыклад, усе французскія дыялогі ў рамане «Каласы пад сярпом тваім» былі створаныя пры дапамозе спадарыні Надзеі.

image012

 

Не любіў запазычанняў з татарскай мовы

Падчас працы над перакладам на рускую мову рамана «Каласы пад сярпом тваім» сваёй перакладчыцы Валянціне Шчадрыной пісаў: «...везде, где можно, [оставляй] коней, а не лошадей [падкрэслена Караткевічам. — В. Дэ Эм]. Ясно, что о кляче так не скажешь! Однако, гордость белоруса — не говорить „лошадь“ — татарское „алаша“, не говорить „базар“ — а говорить „рынок“. А если и говорят „гарбуз“, то это „тыква“, заимствованное. (...) Не для того стали мы с тобой людьми единственного восточно-славянского народа, который ига ихнего не знал, обессилел, литовцу поддался, ассимилировал его, а не сдался, чтоб сейчас эти слова употреблять».

 

Быў вельмі строгім кінакрытыкам


Даволі рэзка выказваўся пра такія вядомыя стужкі, як:

 image014

Аўтапартрэт на запісцы, адрасаванай Валянціне Шчадрыной: «Валечка! Мы прыйшлі запрасіць Вас на каву, а вымушаны сказаць Вам сваё „фэ!!!“ — Мы сейчас у директора, а потом дома! Уладзімір» 1970-я гг.


а) «Іван Грозны» Сяргея Эйзэнштэйна: «Трохі „опэра ўдзень“. Ён, вядома, вялікі рэжысёр, але якая гэта хлусня гістарычная, як прыстасавана ўсё да кепскае сутнасці Івана і Сталіна. Ужо гэтае вольнае абыходжанне з праўдай заслугоўвае таго, каб не лічыць Эйзэнштэйна светачам...»;

 

б) «Мост праз раку Квай» Дэвіда Ліна: «...Трубілі-трубілі, а гэта проста дэтэктыў. Першая палова — нішто, калі паядынак душ, а другая... Гінуць людзі, а табе гэта — як бы лялькі гінулі»;

 

в) «Я — Куба» Міхаіла Калатозава: «...гэта ўжо нейкі канструктывізм ад кіно, нічога не дае і толькі прымушае казаць: „Ах, як прыгожа!“ У Доме кіно, магчыма, будуць апладзіраваць, а мне ні да чога».

 

г) «Індыйская магільня» Фрыца Ланга і сэрыя фільмаў пра агента «007»: «...колькі бессаромнай прапаганды на свеце! Глядзеў я „Індыйскую грабніцу“. Вывад: „немец спрытны хлопец, паўсюль пройдзе“. Нейкія там фільмы пра „Агента 007“ — „англічанін спрытны хлопец, паўсюль пройдзе“... Цьху!»


Вельмі любіў мультфільмы

Абавязкова адзначаў чырвоным алоўкам у праграме перадач, калі павінны паказваць мультфільмы, і глядзеў іх з вялікім захапленнем. Вельмі крыўдзіўся, калі яму забывалі нагадаць пра той ці іншы мультфільм.

image016

1. Уладзімір Караткевіч. Шарж «Партрэт маёй жонкі». 1970-я гг. 2. Малюнак парсючка з надпісам: «Я — на подвиг тебя провожала». 1970-я гг.


Умеў (калі гэтага хацеў) зрабіць уражанне на дзяўчат

Як згадвала адна прыхільніца ягонай творчасці: «...Караткевіч тады літаральна пераўвасабляўся ў сваіх герояў — моцных, прыгожых, артыстычных шляхціцаў. Ён заварваў каву па адмысловым старажытным рэцэпце (таямніцу якога нікому не раскрываў), чытаў выбраныя месцы з Эвангелля (паводле словаў самога пісьменніка — „адной з лепшых (калі не самай лепшай) з гісторый, прыдуманых чалавецтвам за ўсё сваё стварэнне“), ставіў кружэлку з опэрнымі спевамі Забэйды-Суміцкага, запальваў сьвечкі, даваў чытаць „Митину любовь“ Івана Буніна. Але калі дзяўчына не адказвала ўзаемнасцю, то імгненна крыўдзіўся і, можна сказаць, выкрэсліваў яе са свайго жыцця...»

 

У перакладзе на рускую мову рамана «Каласы пад сярпом тваім» імкнуўся пакінуць як мага больш беларускіх выразаў, песняў, дыялектных зваротаў

Перакладчыцы Валянціне Шчадрыной Караткевіч пісаў: «Почему это, начиная от Гоголя, могут русские читатели читать и эпиграфы по-украински, и стилизацию языка персонажей-украинцев, и песни украинские слушать без перевода — а белорусского такого почему-то слушать и читать не могут. Пусть учатся, нечего! (...) «Где можешь, всё оставляй белоруссифицированное (слово-урод!). Поймут! И цветень. И буйный. Всё...»

 image018

Урывак з ліста Ўладзіміра Караткевіча да Валянціны Шчадрыной

 

Любіў хадзіць на паляванне

«...ідзеш са стрэльбай, а сабака перад табой гойсае, а ты ўвесь час у напружанні: чакаеш, што вось вырвецца з лазовага куста нехта, або прарэжа сінь краншнэп. Нічога не ведаю лепей...»


З беларускіх пісьменнікаў найбольш цаніў Васіля Быкава і... сябе

У яго апошнім рамане «Чорны замак Альшанскі» знаходзім такі самаіранічны дыялёг:

«... — Ну вось якой ты, Міхась, думкі пра Быкава?

— А нічога. Не выдумляе. Відаць, што сербануў гэтай ваеннай раскошы аж пад пілётку. Не тое што нейкі піша, як Саня лазенным венікам роту немцаў разагнаў... з танкамі. (...)

— Ну а гэты... Караткевіч? — спытаў Шаблыка.

— А нішто сабе. Толькі чумавы нейкі, дурашны. Левай рукой правае вуха цераз галаву чухае... Ніколі не ведаеш, чаго ад яго чакаць...»

 

Васіль Шукшын быў у захапленні ад ягонага кінасцэнара «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»

Паводле ўспамінаў апэратара Анатоля Забалоцкага: «Шукшын, прачытаўшы сцэнар Караткевіча „Хрыстос прызямліўся ў Гародні“, лаяў усіх і мяне, што па такім матэрыяле фільм замарочылі...»


Не любіў, калі яго называлі рамантыкам

Літаратуразнаўца Генадзь Кісялёў адзначыў, што Караткевіч: «... вельмі не любіў, калі крытыкі называлі яго рамантыкам, хоць пры яго эрудыцыі не мог не разумець, што яго творчасць уяўляе сабой сплаў, сінтэз рэалістычных і рамантычных рыс. Але ў яго была зусім іншая мера рэальнага ў жыцці. Ён лічыў, што ўсё тое яркае, пра што ён піша, сапраўды растворана ў жыцьці, толькі мы гэтага не заўважаем...»

image020

1. Аўтапартрэт у вобразе лірычнага паэта. 1970-я гг. 2. Аўтапартрэт у вобразе Ката. 1970-я гг.

Крыніца: https://novychas.by/asoba/20-nezvyczajnyh-faktau-pra-uladzimira-karatkevicza

223710, ул. Коржа,4
г. Солигорск, Минская область,  Республика Беларусь
тел.: (80174) 231642, 231371
факс: (80174) 234165, 231490
E-mail: sol_bib_adm@tut.by, sol_obm@tut.by