Іван Шамякін

shamakin

30 студзеня 2021 года народнаму пісьменніку Беларусі Івану Шамякіну споўнілася б 100 гадоў.

Аўтара пенталогіі «Трывожнае шчасце», раманаў «Сэрца на далоні», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль», аповесці «Гандлярка і паэт»  чыталі мільёны чытачоў.

Мы вырашылі ўспомніць некалькі яркіх і нечаканых фактаў з біяграфіі творцы.

Першае каханне надзвычай рэдка перарастае ў сур’ёзныя пачуцці, а тым больш у шлюб. Але Шамякін пазнаёміўся з будучай жонкай, калі вучыўся ў пятым класе. Там ён упершыню ўбачыў Машу Кротаву, “маленькую, рыжанькую, з вялікімі блакітнымі вачыма, вельмі жывымі і выразнымі”. Закахаўся ў яе пасля аднаго эпізоду. Хлопец адрасціў доўгія валасы. Дырэктар некалькі разоў папярэдзіў яго, а потым прымусова пастрыг перад усім класам. Усе здзекаваліся (некаторыя нават каментавалі, што іх сябра “стрыгуць, як барана”), спачувала толькі Маша.
Але праз тры месяцы сям’я Шамякіных пераехала. Наступны раз юнакі сустрэліся ў Гомелі, куды паехалі вучыцца пасля заканчэння сямігодкі. Іван Пятровіч паступіў у тэхнікум будаўнічых матэрыялаў, Марыя Кротава – у медыцынскі тэхнікум. Праз два гады, убачыўшыся ў кінатэатры, яны пачалі сустракацца, а ў 1940-м, перад прызывам Шамякіна ў армію, узялі шлюб.

Цяжка паверыць, але Шамякін пачынаў свой шлях у літаратуру з вершаў. Праўда, па ўспамінах самаго аўтара, іх добра крытыкавалі на пасяджэннях гомельскага літаратурнага аб’яднання. Закахаўшыся ў сваю будучую жонку, Шамякін упершыню ў жыцці наважыўся напісаць прозу.

У 1948 годзе Шамякін з сям’ёй перабраўся ў Мінск. Спачатку ён здымаў кватэру на Лагойскім тракце. Побач на такіх жа правах жылі пісьменнікі Аляксей Кулакоўскі, Пётр Васілеўскі і Андрэй Макаёнак. З імі Шамякін сябраваў усё жыццё, але найбольш блізкія стасункі яго звязвалі з драматургам Макаёнкам. “Адзін без аднаго дня не маглі пражыць, – згадваў Шамякін. – Паміж нашымі дачамі ў Ждановічах – кіламетры са два. Здаралася, доўгім летнім вечарам усё перагаворым, абмяркуем, але ўсё роўна паўночы праводзім адзін аднаго, як закаханыя: спачатку ён мяне, потым я – яго”.

Шамякіна прынята лічыць шчасліўчыкам. Сапраўды, рэдка хто з пісьменнікаў атрымліваў такое прызнанне. Герой Сацыялістычнай Працы, народны пісьменнік, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР. Яго кнігі ў савецкія часы выходзілі вялікімі накладамі і мелі поспех сярод чытачоў. Але шмат што засталося па-за кадрам. Напрыклад, той жа раман “Петраград–Брэст” доўга не друкавалі.

Пералік пасад, якія займаў Іван Шамякін, уражвае. Адзін з кіраўнікоў Саюза пісьменнікаў, галоўны рэдактар выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя”, старшыня Вярхоўнага Савета БССР. Але на ўсіх гэтых пасадах Шамякін дапамагаў сваім калегам па працы. “Я любіў выбіваць, у прыватнасці, кватэры, не саромеўся дабірацца да самага верху, да таго ж Ціхана Кісялёва, старшыні Саўміна, і нават да Машэрава”, – прызнаваўся Шамякін.


 Мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю І.Шамякіна:

1. Да 100-годдзя класіка беларускай літаратуры І. Шамякіна

2. Анлайн – сустрэча “ІВАН ШАМЯКІН. ЛЕТАПІСЕЦ ЭПОХІ”

3. Мерапрыемства «Сэрца на далоні часу»

4. Выстава "Iван Шамякін: лёс і кнігі"

5. Мерапрыемства "Талент, дадзены Богам"

6. Мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею Івана Шамякіна

7. Обзор творчества "Бачыць і чуць чалавека"

8. Видеообзор "Читай-город: читаем Шамякина"

223710, ул. Коржа,4
г. Солигорск, Минская область,  Республика Беларусь
тел.: (80174) 231642, 231371
факс: (80174) 234165, 231490
E-mail: sol_bib_adm@tut.by, sol_obm@tut.by